13 октября 2020
Вольскі Арнольд, Верабей Уладзімір, Гарбатоўская Ганна… Я міжволі спынілася на апошнім імені, адлітым тлустым шрыфтам у кнізе “Рядом с отцами”. Няўжо гэта яна, наша Ганна Антонаўна? Ад хвалявання дрыжэлі рукі і пальцы не слухаліся. Я гартала старонку за старонкай і ўсё ніяк не магла знайсці тую, дзе напісана пра партызанскую сястрычку Ганначку.
— Насця , ну колькі можна, — пачула незадаволены голас сяброўкі і адчула яе нецярплівыя штуршкі ў бок. Яны і напомнілі мне аб тым, што я не адна. Хутка расплацілася за кнігу, і мы выйшлі з магазіна. Людміла штосьці гаварыла. Я толькі чула мелодыю яе голасу, а словў не разбірала, думала пра Ганну Антонаўну.
Даўно гэта было, калі пачула пра яе. У той дзень старшая сятра Ніна прыбегла са школы ўзрушаная і ўсхваляваная. Адразу ж з ганку пачала рассказываць пра піянерскі збор, на якім піянерважатая Ганна Антонаўна расказвала пра сябе.
— Яна была на вайне. У яе ёсць медаль. “Партызану Вялікай Айчыннай вайны I ступені”. Я сама бачыла, — гаварыла сястра.
Для нас гэта было самае галоўнае. Мы ведалі, што такое вайна, хаця і былі яшчэ малыя. Наш бацька прыйшоў з фронта паранены. Гімнасцёрку яго ўпрыгожвалі ордэн і медалі.
— Яны нікому дарэмна не даставаліся, — гаварыў ён. І гэтыя бацькавы словы я запомніла на ўсё жыццё.
Я вельмі зайздросціла старшым дзецям, якія вывучаліся ў Пранчэйкаве і маглі кожны дзень сустракацца з ганнай Антонаўнай. У маёй невялічкай вёсачцы Куляшы не было школы. Пачатковая знаходзілася ў Дравашах, васьмігодка – у Пранчэйкаве. І я не магла дачакацца, калі буду хадзіць разам з Ганнай Антонаўнай у паходы, аб якіх мне вельмі многа расказвала сястра. Хацелася сваімі рукамі ўмацаваць зорачку на хаце ветэрана, як гэта рабілі піянеры.
…Ой, колькі дзяцей, якія вялікі касцёр. Барабанны пошчак. Здаецца, як сёння ўсё было. Чырвоныя праменьчыкі піянерскіх гальштукаў і голас Ганны Антонаўны. Я – піянерка!
Толькі адзін год я правучылася ў васьмігодцы. Але які год! Ганна Антонаўна была для нас не толькі піянерважатай. У інтэрнаце, дзе жылі мы, дзеці з аддаленных вёсак, яна працавала поварам. І была нам за маці.
Я добра памятаю, як мы з радасцю хадзілі з ёй за хлебам аж у Гарадок. І як хвалюючая яна расказвала нам пра гэтыя мясціны. Тут у гады вайны ёй даводзілася ваяваць у партызанскім атрадзе імя Суворава. У маім уяўленні паўставала чатырнаццацігадовая Ганначка, якая спрытна перавязвала раны лясным байцам, спявала ім песні. І яны любілі і бераглі яе, як дачку, малодшую сястрычку. Таму і хацелі выратаваць яе, калі пачалася блакада. На партызанскі аэрадром за раненымі з Вялікай зямлі прыляцеў самалёт. Разам з імі хацелі адправіць і Ганну. Але дзяўчынка адмовілася.
— Няхай ляцяць раненыя, — шэпатам сказала яна. І засталася ў атрадзе.
Не часта мне даводзіцца бываць у родных мясцінах і сустракацца з Ганнай Антонаўнай. Але кожны раз, калі прыязджаю ў гарадок, стараюся распытаць пра яе, зайсціся ў школу, дзе і цяпер працуе старшай піянерважатай Ганна Антонаўна Гарбатоўская. У адзін з такіх дзён я ўбачыла ў калідоры хлапчука у незвычайнай форме. Ён быў падобны на маленьага чырвонаармейца. Я спыталася ў малога, дзе знайсці Ганну Антонаўну Гарбатоўскую, і ён кінуў у бок спартыўнай залы.
— Там мы рыхтуемся да выступлення на злёце.
Я падышла бліжэй і пачула мелодыю песні “Ой бярозы, ды сосны”. І сярод нясмелых дзіцячых галасоў адразу ж пазнала прыгожы і моцны голас Гарбатоўскай. Так яна спявала і з намі.
Дома я ўважліва прачытала расказ пра сваю піянерважатую. І мне захацелася падзяліцца ўспамінамі аб ганне Антонаўне Гарбатоўскай, якая навучыла мяне і маіх равеснікаў горача любіць свій край, Савецкую Айчыну.
Анастасія Лазебная, студэнтка.
Святло камунізму, № 98 (6721) ад 23 чэрвеня 1984 года