Главная > Новости > Ехаў казачнік Бай… І ў Гарадку спыніўся

Ехаў казачнік Бай… І ў Гарадку спыніўся

29 сентября 2020

Як зацікавіць малышоў беларускімі чытанкамі? Праз гульню, тэатральныя пастаноўкі, любоў дзяцей да малявання, іх імкненне да ўсяго новага і нязведанага.

У гэтым на сваім вялікім вопыце пераканалася супрацоўніца Гарадоцкай сельскай бібліятэкі Надзея Леган. Нядаўна разам з выхавальніцай дашкольнай групы Гарадоцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — базавая школа Зояй Дзешчыц яна правяла літаратурную гасцёўню, прысвечаную 105-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка.

Дзеці даведаліся сапраўдныя імя і прозвішча пісьменніка — Яўгеній Скурко, а таксама тое, што ён нарадзіўся на Мядзельшчыне, непадалёк ад нашых мясцін.

Удзельнікі літаратурнай гасцёўні паспрабавалі тэатралізаваць казку «Ехаў казачнік Бай». Зоя Уладзіміраўна пераканаўча ўвайшла ў ролю казачніка, дзеці з радасцю дапаўнялі і давалі згоду на працяг: усяго толькі і трэба было паўтараць запаветнае слоўца «Бай!».

Прэзентацыя казкі «Жук і слімак» у іх выклікала вялікую цікавасць. Аказваецца, у іх групе жыве сапраўдны афрыканскі слімак – цёця Каця, за якой малышы вельмі любяць назіраць. Яны з радасцю адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні па казцы, пад беларускія мелодыі рабілі ілюстрацыі для будучай выстаўкі малюнкаў.

Не абышлося і без пачастункаў: Надзея Іванаўна заварыла для сваіх юных чытачоў гарбату з духмяных зёлак, прапанавала салодкія гасцінцы.

Дабрынёй і вялікай любоўю да дзяцей прасякнуты творы Максіма Танка, і ў час літаратурнай гасцёўні гэта адчуў кожны маленькі ўдзельнік, а дарослыя дапамаглі ім. «Калі вы самі навучыцеся чытаць, будзеце знаёміцца з новымі цікавымі кнігамі, сярод якіх абавязкова будуць і творы Максіма Танка!», — выказала надзею бібліятэкар.

А радкі пра казачніка Бая дзеці вывучылі ў час гасцёўні. Хто з нас іх не памятае:
— Ехаў казачнік Бай цераз сёлы і гай. Баіць ці не?
— Бай!

Анжаліка Крупянькова
Фота: архіў Гарадоцкай бібліятэкі.

Ссылка источника