Главная > Новости > «Дарогамі Штэтлаў» праехалі ўдзельнікі абласнога семінара

«Дарогамі Штэтлаў» праехалі ўдзельнікі абласнога семінара

29 сентября 2020

Пазнаёміцца з многімі славутасцямі, наведаць аб’екты агратурызму і прыдарожнага сэрвісу, паўдзельнічаць у майстар-класах і нават пакаштаваць стравы яўрэйскай кухні змаглі ўдзельнікі абласнога семінара, прысвечанага развіццю пазнавальнага турызму ў цэнтральным рэгіёне краіны. Яны праехалі па турыстычным маршруце «Дарогамі штэтлаў», што праходзіць па тэрыторыях Мінскага, Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў.

У экспедыцыі ўдзельнічалі спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, кіраўнікі турыстычных арганізацый, краязнаўцы, прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны Беларусі. У Маладзечанскім раёне яны наведалі рэстаранна-гасцінічны комплекс «Віла Рада», пабывалі ў Гарадку, пазнаёміліся з мемарыяльным комплексам «Шталаг-342». У аграсядзібе «Традыцыі і сучаснасць» гаспадыня Ліна Цывіна паказала магчымасці адпачынку і правядзення культурных, пазнавальных і адукацыйных мерапрыемстваў на базе падобных аб’ектаў.

Для многіх было сапраўдным адкрыццём, які вялікі след у беларускай культуры пакінулі яўрэі, што пасяліліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі больш за шэсць стагоддзяў таму. У шматлікіх мястэчках яны складалі большасць насельніцтва, развівалі гандаль і рамёствы, цанілі адукаванасць, з павагай ставіліся да звычак і традыцый сваіх суседзяў. Да Вялікай Айчыннай вайны месцы іх кампактнага пражывання называліся штэтлы. Адным з іх быў і Гарадок.

Арганізатары семінара пастараліся данесці да ўдзельнікаў як пазітыўныя моманты — паказаць, што ў нашай краіне прадстаўнікі розных нацыянальнасцей заўсёды жылі ў міры і згодзе, так і трагічныя — расказаць пра падзеі, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай на акупіраванай нацыстамі тэрыторыі, нагадаць пра масавае знішчэнне яўрэяў гітлераўцамі і іх наймітамі. Прадстаўнікам турыстычных арганізацый было цікава пазнаёміцца з турыстычнай інфраструктурай раёнаў, па якіх праходзіць маршрут.

— Тэма ўзаемадзеяння культур розных народаў надзвычай актуальная ў Беларусі, — адзначыла дырэктар нацыянальнага агенцтва па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вераніка Даражко. – Жыхары нашай краіны актыўны цікавяцца гісторыяй роднага краю, вывучаюць яго спадчыну і традыцыі. Таму пазнавальныя маршруты набываюць усё большую папулярнасць. Запатрабаваныя яны і ў замежных турыстаў. Мясцовае насельніцтва і суб’екты гаспадарання таксама выйграюць ад павелічэння турыстычнага патоку.

Па словах намесніка начальніка аддзела спорту, турызму і арганізацыйнай работы ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Інгі Малашкевіч, Маладзечаншчына валодае вялікім турыстычным патэнцыялам. У сферы турызму працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, наладжана супрацоўніцтва з райвыканкамам, дзейнічае многа турыстычных арганізацый, ствараюцца турыстычныя кластары, пракладваюцца маршруты, якія злучаюць некалькі раёнаў. Такі вопыт цікавы і карысны для ўсяго цэнтральнага рэгіёна.

— Наша мэта — адрадзіць славу Гарадка як цэнтра рамёстваў і прыкладнога мастацтва. Калі людзі сваімі рукамі будуць вырабляць прыгожыя рэчы, цікавіцца мінулым, калі аграгарадок будуць наведваць турысты, дзеячы культуры, яго вядомасць толькі ўзрасце. Турыстычны маршрут «Дарогамі штэтлаў» абавязкова паспрыяе гэтаму, — падкрэсліла Ліна Цывіна.

Тэкст і фота: Алег Бяганскі.