14 августа 2020
Вёска Пажарышча знаходзіцца ад Маладзечна ўсяго ў 30 кіламетрах. Але калі ў горадзе мігцяць агні, кавярні завуць на вячэру, у магазінах натоўпы людзей, то ў Пажарышчы, бывае, за месяц няма з кім павітацца.
Мы гэта не прыдумалі, а з’ездзілі халодным лістападаўскім днём у гэту вёску і пазнаёміліся з яе жыхаркай – Жаннай Ігнатовіч. Яна і расказала аб гэтым.
У вёсцы Пажарышча цяпер каля 20 пастаянных жыхароў. Жанна Ігнатовіч у свае 53 гады лічыцца «моладдзю».
– Наша вёска і раней не была вялікая – двароў 40, не больш. Але цяпер у гэтых 40 дварах амаль не засталося жыхароў. Нехта прыязджае на лета, хтосьці вярнуўся ў дом да сваіх бацькоў, некалькі бабулек жыве. І ўсё. Зімой, бывае, выйдзеш на вуліцу – ні машын, ні людзей. Павітацца няма з кім. А дзіцячага смеху ў вёсцы не чуваць даўно. Калі толькі ўнукі да каго прыедуць.
Дом Жанны стаіць на месцы, якое выбраў яшчэ яе прадзед, калі прыехаў у Пажарышча са Смалявічаў яшчэ ў 1860-х гадах.
У Пажарышчы могілкі 19 стагоддзя. І помнікі, якія жыхары рабілі сваімі рукамі
Жанне Ігнатовіч – 53 гады. Жыве ў Пажарышчы ад нараджэння. Мае дарослую дачку, унука Ромку. Працуе санітаркай у Гарадку. Трымае гаспадарку – свінак і курэй. У двары жывуць два сабачкі. Яшчэ адзін – прыбіўся. Яго пакінулі дачнікі. Жанна яго корміць. У хаце гаспадарыць кот Томас. Яшчэ Жанна даглядае мясцовыя могілкі.
Гаспадарку Жанны ахоўваюць два сабакі. Яшчэ адзін, Барбос, прыбіўся, калі яго гаспадары-дачнікі на зіму з’ехалі ў горад.
З іх і пачала экскурсію па вёсцы.
– Калі год таму мяне папрасіў старшыня сельвыканкама зрабіць перапіс магілак, я пачала з таго канца, што недалёка ад маёй хаты. Перапісала толькі на рагу і ўжо атрымалася каля 100 імёнаў.
Уся шматгадовая гісторыя вёскі тут.
– Напэўна, захаваліся камяні з 19 стагоддзя. Бо на іх ужо нельга і надпіс прачытаць. А вось магілка 1916 года.
Помнік з каменя незвычайнай формы.
Гэты незвычайны помні к з каменю зрабіў сваімі рукамі жыхар Пажарышчаа ў 1916 годзе з прычыны трагічнай смерці дачкі.
– Бацька расказваў, што гэты помнік зрабіў наш аднавясковец уласнымі рукамі без дапамогі якіх-небудзь прыладаў у памяць аб сваёй дачцэ, якая трагічна загінула ў малым узросце.
Уніяцкую царкву разабралі на дошкі для пачатковай школы
Мы з Жаннай падымаемся ўгору.
– А тут стаяла ўніяцкая царква. Казалі, што яе пабудавалі яшчэ ў сярэдзіне 19-га стагоддзя. А можа, і раней. І стаяла яна тут аж да 60-гадоў 20 стагоддзя. Царква была драўляная. А калі прыйшлі “саветы”, разабралі на дошкі і перавезлі ў суседнюю вёску Пятроўшчыну, пабудавалі з яе школу. Цяпер гэту школу нехта выкупіў, абклаў сайдынгам. Але ж пад сайдынгам тыя самыя дошкі старой уніяцкай царквы.
На гэтым месцы да 60-ых гадоў 20 стагоддзя стаяла драўляная ўніяцкая царква, якую разабралі і зрабілі з дошак школу ў Пятроўшчыне. На месцы царквы засталіся камяні былога падмурка і «ахвярны» камень. Камень з дзірачкай, у які кідалі грошы.
Жанна расказвае, што разам з будынкам знішчылі ўсю царкоўную маёмасць.
– Мой тата расказваў, што калі разбуралі царкву, то ў двор выкідвалі кнігі. Старажытныя такія, абцягнутыя цялячай скурай. Вяскоўцы пабаяліся іх браць. Палічылі ці то грахом царкоўную маёмасць забіраць, ці што ўлады за гэта пакараюць. А тагачасныя ўлады расклалі вялікі касцёр і ўсе гэтыя кнігі папалілі. Уяўляеце, такую гісторыю спалілі!
Жанна падымаецца вышэй, разграбае рукамі апалае лісце.
– А вось тут ахвярны камень. Бачыце, дзірачка ў сярэдзіне. Туды манеткі кідалі. Хто ведае, можа, там яшчэ можна знайсці скарбы 19 стагоддзя.
Прадзед быў аканомам, а дзед ездзіў у Вільню на кані
Тут жа на гары Жанна паказвае магілкі бацькоў і дзеда. Магілка таты глядзіць на хату.
– Тата сам выбіраў гэта месца. Як і для хаты. Раней тут стаяла старая, у якой яшчэ жыў мой дзед, а да яго – прадзед. Прадзед яшчэ пры прыгонным праве прыехаў сюды са Смалявічаў. Купіў тут зямлю. Расказвалі, што ён быў аканомам у пана. А дзед мой вазіў тавары з Вільні яўрэям у Гарадок. На кані вазіў. Во час быў. На кані ў Вільню. І тата расказваў, як да вайны тут было весела.
У Гарадку працавала мясцовае “тэлебачанне” – чалавек, які расказваў усе навіны
У Пажарышчы ніколі не было школы. У пачатковую дзеці хадзілі за кіламетр у суседнюю Пятроўшчыну. А ў старэйшыя класы – за пяць кіламетраў у Гарадок.
– Тата расказваў, што да вайны ў Гарадку было цікавей, чым у якім вялікім горадзе. Тут працавала шмат яўрэйскіх лавачак, дзе можна было купіць абутак, адзенне, хлеб ці смачныя цукеркі дзецям. А па выхадных збіраўся вялікі кірмаш. Была тут і свая “тэлеперадача” – “Навіны. Час мясцовы”. У адзін і той час усе збіраліся вакол аднаго мясцовага чалавека, які цягам тыдня па навакольных вёсках збіраў навіны. І тут, як гаворыцца, пры ўсіх добрых людзях, расказваў, што дзе адбылося на мінулым тыдні.
Жанна Ігнатовіч прызнаецца, што за зіму, бывае, у вёсцы няма з кім павітацца. І каб не праца ў суседнім Гарадку, было б зусім сумна.
А потым была вайна.
– Пажарышчам было цяжка ў вайну. Немцы тут доўга стаялі. Аднойчы ледзьве не спалілі вёску. Партызаны ўзарвалі мост, на якім падарваліся нямецкія матацыклісты. Немцы прыйшлі ў вёску, каб адпомсціць жыхарам. Але мясцовы жыхар, ён не быў старастам, войт гэта пасада яго называлася, ці як, добра ведаў нямецкую мову, бо ў Першую сусветную вайну ваяваў, патлумачыў немцам, што мірныя жыхары не вінаватыя ні ў чым. Войт вёску выратаваў, а яго самога не выратаваў ніхто. Пасля вайны забралі, а куды ён дзеўся, што з ім стала, ніхто не ведае.
Пасля паўзы Жанна дадае:
– А яшчэ мясцовыя жыхары баяліся начэй. Бо хто прыйдзе – партызаны ці бандыты, – ніхто не ведаў. Страшны час быў.
Даводзіцца сачыць за катом, бо той не любіць прас
А ў пасляваенны час вёска ажыла.
– У нас тут нават клуб з бібліятэкай працаваў. Моладзі было столькі, што яблыку не было дзе ўпасці. Прыязджалі нават з Мінска. Тут жа ад нас да Маладзечна кіламетраў 25-30, а да Мінска па ракаўскай трасе – сорак. Вёска стаяла пасярэдзіне.
А цяпер, як кажа Жанна, павітацца няма з кім. Калі мы прыехалі ў вёску, Жанна працавала ў агародзе.
– Каб не ездзіла на працу ў Гарадок, тут можна за зіму адзічэць. Добра, што ўнук прыязджае, парадкі тут свае панаводзіць, дык пакуль прыбяруся, ёсць занятак.
Жанна запрашае ў хату. Вялікая веранда, шмат пакояў. Печка.
– У хаце цёпла, утульна. З катом ваюю. Томас чамусьці не любіць прас. Даводзіцца глядзець, каб не перавярнуў, пакуль гарачы, і не апёк сабе лапы.
Кот Томас не любіць прасы. І Жанне даводзіцца ці сачыць за катом, ці хаваць гарачы прас далей ад каціных лапкаў. якія так і хочуць яго перавярнуць.
Топусь – мядзведзь, равеснік Жанны
Па падлозе раскіданыя цацкі Ромкі.
– Гэта лялька дачкі. А гэты мішка – Топусь – мой. Памятаю, як у дзяцінстве баялася яго, бо быў большы за мяне. Ён раней крактаў, цяпер маўчыць. Я рада, што захавала яго. Цяпер такіх цацак няма.
Мядзведзя Топуся Жанне падарылі бацькі, калі яна была яшчэ зусім маленькая.
Калі Жанна праводзіла на брамы, расказала, што вёска, верагодна, называецца Пажарышчам, бо калісьці згарэла.
– У нас тут і лес называецца Гарэлае. Вы прыязджайце летам, калі ў лесе шмат ягад і грыбоў, а вось за той горкай – найпрыгажэйшае возера Гліннае. І вы ўбачыце зусім іншае Пажарышча.
Наталля Тур
Фота аўтара
Спасылка крыніцы