1 октября 2020
Пры належнай «раскрутцы» айчынныя адметнасці маюць усе шанцы стаць паўнаважкiм турыстычным прадуктам. І становяцца. У гэтым пераканаўся падчас камандзiроўкi на Маладзечаншчыну, калi зусiм нечакана для сябе патрапiў у вёску, якая размяняла дзевятае стагоддзе…
З Гарадца — у Гарадок
Вёска Гарадок упершыню ўзгадваецца ў вядомым Iпацьеўскiм летапiсе. Вядома, пра пэўную колькасць населеных пунктаў мы даведалiся праз гiсторыю ваенных дзеянняў. Так i з Гарадком. Толькi ў 1162 годзе (паводле iншых крынiц у 1161-м) гэта была не вёска, а самы сапраўдны горад. Праз бiтву, апiсаную летапiсцам, стала вядома пра Гарадзец. Менавiта з гэтым старажытным памежным горадам полацкай зямлi гiсторык Данiлевiч атаясамлiвае адну з вёсак пад Маладзечнам. З цягам часу з Гарадца яна «пераўтварылася» ў Гарадок. Вёска дасюль захавала сваю адметнасць. Бадай, цi не самая галоўная — гарадзiшча, якое месцiчы дасюль называюць «замкам».
Кажуць, што яшчэ напрыканцы ХVIII стагоддзя тут працавала цагельня, а ў пачатку ХIХ — суконная мануфактура i заводзiк па выпрацоўцы медзi. Але 21 мая 1865 года адбыўся вялiкi пажар, агонь знiшчыў многiя пабудовы, згарэла i Свята-Троiцкая царква. Дарэчы, у 1874 годзе на гэтым жа месцы ўзвялi новую мураваную царкву (яна захавалася дасюль). Паступова мястэчка акрыяла — працавалi пiваварны завод, 22 лаўкi, пастаялы двор, народнае вучылiшча (iмкненне да навукi, бачым, было вялiкае), на левым беразе Бярэзiны размяшчаўся вадзяны млын. Факт, якi мяне вельмi здзiвiў: на працягу менш чым дваццацi гадоў (з 1880 па 1897) колькасць жыхароў павялiчылася больш чым у восем (!) разоў i перасягнула 1,5-тысячную мяжу. Кожны аўторак у мястэчка на таржок з’язджалiся гаспадары, якiя мелi што прапанаваць да продажу. Увогуле, народ тут надта прадпрымальны: кажуць, што быў распаўсюджаны гандаль медыцынскiмi п’яўкамi — iх адпраўлялi за мяжу!
Пiфагор i агратурызм
У пачатку мiнулага стагоддзя ў мястэчку працавалi тры скураныя заводы i тры заводы па вырабе глiнянага посуду, а таксама вытворчасць мiнеральнай i газаванай вады. Кiрмашы збiралiся ўжо двойчы на тыдзень — па аўторках i серадах… У старшынi Гарадоцкага сельскага Савета Пятра Мароза захаваўся адметны здымак 1920-х гадоў: месцiчы сабралiся на «фотасесiю» на галоўную плошчу Гарадка. Усе ў добрым адзеннi (нiводнага няма ў лапцях), многiя трымаюць веласiпеды. Цiкава, што частка дамоў, якiя бачныя на здымку, захавалiся ў такiм жа выглядзе дасюль. Аказалася, што драўляныя будынкi былi адноўлены па арыгiнальнай форме, што стварае мястэчку непаўторны «шарм» — тут сапраўды можна падарожнiчаць па часе.
Пасля ваеннага лiхалецця вёска зноў (у якi ўжо раз) пачала адраджацца. Сапраўдны яе росквiт звязваюць з поспехамi калгаса iмя Калiнiна. Мне на вочы трапiў артыкул, прысвечаны 800-годдзю Гарадка, дзе вёску называлi «равеснiцай Масквы». Акрамя жылля, у 1960-я актыўна ўзводзiлiся i грамадскiя будынкi — аптэка, пошта, чайная, камбiнат бытавога абслугоўвання, ляснiцтва. З таго часу, зразумела, шмат што змянiлася i iнфраструктура прыходзiць у заняпад — цяпер даводзiцца весцi гаворку аб зносе будынка бiблiятэкi, а таксама дамоў, якiя не маюць гаспадароў. Цяпер у Гарадку засталiся 422 жыхары, чвэрць з якiх — пенсiянеры. За апошнiя шэсць гадоў колькасць насельнiцтва старажытнага мястэчка зменшылася роўна на сотню чалавек. Аднак тут не губляюць надзеi на аднаўленне былой велiчы.
— Неабходна шукаць розныя варыянты, каб Гарадок атрымаў дадатковы стымул для актыўнага развiцця, — упэўнены Пётр Мароз. — Землi ў нас небагатыя, затое шмат лесу, экалогiя добрая. У спалучэннi з гiсторыяй мястэчка ўсё гэта стварае даволi прывабныя ўмовы для такога перспектыўнага i цiкавага накiрунку, як агратурызм. Трэба варушыцца: яшчэ некалi Пiфагор казаў, што пачатак — палова ўсёй справы.
Старшыня Гарадоцкага сельскага Савета Пётр Мароз.
Апартаменты ў стылi неаготыкi
Варыянты знайшлi вельмi арыгiнальныя, незвычайныя, аднак, як аказалася, даволi дзейсныя. Справа ў тым, што на паўночным ускрайку Гарадка захаваўся вадзяны млын, якi ўзведзены з цэглы i бутавага каменя напрыканцы ХIХ— пачатку ХХ стагоддзя. Двухпавярховы будынак лiчыцца помнiкам прамысловай архiтэктуры з элементамi неаготыкi (мае адпаведныя стылiзаваныя канструктыўныя элементы). Ёсць жорны для грубага i дробнага памолу зерня, механiзм для тонкага памолу пшанiцы, а таксама крупэрня. На другiм паверсе — склад для зерня, якое адтуль ссыпалi ў жорны. Планiроўка, можна лiчыць, традыцыйная, аднак сам будынак выдзяляецца — стары млын заўважаеш адразу, як пад’язджаеш да Гарадка. Ён быццам ахоўвае мястэчка. Не дзiўна, што аднаўленне гiстарычнай спадчыны пачалi менавiта адсюль.
Праз пэўны час тут з’явiцца цiкавы турыстычны аб’ект. Праз аўкцыён млын выкупiла прыватнае ўнiтарнае прадпрыемства «Белтрадыцыя». Як заўважае Пётр Мароз, прыйшлося прайсцi завочны падрыхтоўчы курс па продажы нерухомасцi. Падчас падрыхтоўкi да аўкцыёну ўсiм яго ўдзельнiкам дакладна растлумачылi галоўную ўмову — будынак неабходна не толькi аднавiць, але i выкарыстоўваць для арганiзацыi турызму. Сталiчная фiрма менавiта так i зробiць: млын плануецца выкарыстаць для рэгiстрацыi прыезджых, а на другiм паверсе з’явяцца ўтульныя нумары для пражывання. На пад’ездзе ў Гарадок мяркуецца абуладкаваць сучасную аўтастаянку. Каля млына створаць цэлы турыстычны цэнтр — тут будзе пякарня, кузня, невялiкая канюшня, драўляныя домiкi для размяшчэння турыстаў, лазня. Навакольную тэрыторыю ўпрыгожаць альтанкамi, лаўкамi, праз рэчку зробяць масткi. Карацей кажучы, усё набудзе зусiм iншы выгляд.
Выгада — узаемная: грошы, якiя сельвыканкам выручыў ад аўкцыёну (гэта больш чым 46 мiльёнаў рублёў), з розумам выкарысталi для добраўпарадкавання вёскi. У 2010 годзе Гарадок стане аграгарадком, аднак тут не чакаюць пэўнай даты, каб пачаць навядзенне парадку. Iмкнуцца адысцi ад традыцыйных, тыпавых формаў. Як лiчыць Пётр Мароз, неабходна выкарыстоўваць сучасны ландшафтны дызайн. Напрыклад, зусiм неабавязкова ўсю вулiцу «закрываць» агароджай, дзесьцi можна зрабiць прыгожы дэкаратыўны поплаў, кветнiк. Наваколле павiнна песцiць вока, каб усiм падабалася сюды прыязджаць. Дарэчы, ужо цяпер гэтыя мясцiны карыстаюцца попытам — больш-менш трывалыя дамы ў Гарадку раскупiлi…
Мiкалай Літвінаў.
Фото Яўгена Пясецкага
Маладзечанскi раён.