1 октября 2020
У мінулую суботу удзельнічалі ў суботніку жыхары сельскай мясцовасці.
У суботніку сапраўды ўдзельнічаў увесь раён. У гэтым мы пераканаліся ў час камандзіроўкі ў аг. Гарадок. Праязджаем Мыслевічы, Мойсічы, Хажова. У населеных пунктах чысціня і парадак. Гаспадары многіх падворкаў фарбавалі і рамантавалі агароджы, прыбіралі смецце, даглядалі садовыя дрэвы. На палях абапал дарогі вяскоўцы і іх шэфы з горада збіралі камяні. Лес уздоўж трасы таксама дагледжаны.
На ўчастку дарогі Гарадок — Шалыгі работнікі КУП «Маладзечнаводаканал» прыбіралі прыдарожную паласу. Ім дапамагаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч.
— Добраўпарадкаванне тэрыторый з’яўляецца адной з асноўных нашых задач, — падкрэсліў Віктар Баляслававіч. – Вось чаму ў суботніку актыўна ўдзельнічаюць дэпутаты. Народныя выбраннікі паказваюць прыклад у рабоце. Яны робяць усё, каб Маладзечаншчына заставалася гасціннай і камфортнай для пражывання.
Старшыня райсавета падзякаваў шэфскім арганізацыям за дапамогу ў правядзенні суботніка, а таксама заклікаў усіх неабыякавых людзей прыняць удзел у наступных акцыях па навядзенні парадку на зямлі.
Алег Бяганскі
Фота: Аляксей Платко