Вайна па-ранейшаму сніцца…

4 ліпеня 1944 года Мікалай Мяцеліца запісаўся добраахвотнікам на фронт. Было яму крыху больш семнаццаці. Камандзір роты, убачыўшы худога і невысокага хлопца, схапіў яго за каўнер: «Ідзі дадому! Споўніцца васемнаццаць — праз ваенкамат выклічуць!» Мікалай не згаджаўся. «Ну, чорт з табой, заставайся!» — усклікнуў камандзір.

Мікалай Мікалаевіч памятае сваю першую гімнасцёрку. Была яна вялізных памераў — трох навабранцаў можна было ў яе ўпіхнуць…

3 Беларускі фронт, пяхота-матухна… Пад Лідай у лесе першы раз убачыў у дзеянні «кацюшу». Вогненныя хвасты ад выстралаў, нібы каметы, усцілалі начное неба. А неўзабаве прынялі няроўны бой. Са 160 байцоў засталося ў жывых 17. На гэты раз хлопцу пашанцавала, выжыў. Ці страшна было? Страшна, асабліва спачатку. У Мікалая дзве вінтоўкі ў руках кулямі разбіла: у адной ствол пагнула, у другой патроннік разляцеўся. А ён жывы застаўся «Сваёй кулі не пачуеш, колькі ні прыслухоўвайся», — гаворыць ветэран, расказваючы аб тым, што быў паранены ў Литве і Румыніі. Прайшоў яшчэ Балгарыю, Венгрыю, Чэхаславакію. Да цяперашняга часу памятае, з якой радасцю сустракалі савецкіх байцоў у Балгарыі. Выходзілі цэлымі вёскамі, выносілі вінаграднае віно, ежу. І называлі «братушкамі». У гэтай краіне не давялося зрабіць ніводнага выстралу. Затое ў Венгрыі трапіў у Балатонскую «мясарубку»…

Часта недаядалі, бывала, што пa тыдні паходнай кухні не было. Нагадвае, як аднойчы збіралі ўраджай з градак у нейкай вёсцы. Елі не толькі моркву, але і сырыя буракі. Мікалай і цяпер усміхаецца, успамінаючы твары баявых сяброў, перапэцканыя бурачным сокам… А яшчэ расказвае, што ўмудраліся выспацца на хаду, у час шматкіламетровых пераходаў з аднаго месца ў другое. Было і такое: баец у першай шарэнзе падае, тыя, хто ідзе за ім, — на яго, па прынцыпе даміно…

— А Дзень Перамогі памятаеце?

— Нам паведамілі аб капітуляцыі Германіі ноччу. Што тут пачалося!

Усе, якія былі, боепрыласы, выстралілі. «Хлолцы Мы перамаглі!» — крычаў усё мой таварыш. І раз за разам страляу у паветра…

Толькі пасля вайны родныя, якія жылі ў Аляхновічах, даведаліся, што Мікалай застаўся жывым. З фронту ніводнай яго вестачкі не атрымалі. А дэмабілізаваўся ён ў 1950 годзе. Пяць год працаваў у сферы культуры, тры гады — старшынёй калгаса, сем — старшынёй сельскага Савета дэпутатаў, потым у сельспажыўтаварыстве, быў вызваленым старшынёй прафкама. Цяпер Мікалай Мікалаевіч Мяцеліца ўзначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю Гарадоцкага сельсавета.

І праз 60 год яму сніцца вайна. Часта бачыць адзін і той жа эпізод сваёй эпапеі: «Дарога, у адной каляіне — мы, у другой — фашысты. У нас — вінтовачкі, у іx — аўтаматы. Яшчэ і гранатамі нас закідваюць. Тады я вочы ў вочы з адным фрыцам сустрэўся. Ад гэтага позірку і цяпер прасынаюся ў халодным поце…»

Анжаліка Крупянькова.

Фота Андрэя Каскіна.

Маладзечанская Газета


Комментарии:

Яндекс.Метрика