Ах, як хочацца вярнуцца ў Гарадок

Чаму праект аб гісторыі невялічкага аграгарадка можа быць цікавым не толькі яго жыхарам

Гарадкоў у нашай краіне некалькі. Самы вядомы — гэта населены пункт раённага значэння на 12 тысяч жыхароў у Віцебскай вобласці. Там працуюць вядомая птушкафабрыка і льнозавод, а яшчэ размешчаны дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Але ёсць Гарадок і зусім іншы — невялікi аграгарадок у Маладзечанскім раёне. Дзякуючы мясцоваму жыхару Аляксею Жахаўцу ён хутка стане больш вядомым за свайго «цёзку». Малады чалавек старанна збірае здымкі, дакументы і факты аб найстарэйшым у сваім рэгіёне населеным пункце, і створаны ім сайт haradok.by ужо пачаў прыцягваць турыстаў у гэтыя раней малалюдныя мясцiны.

Два такія розныя і такія аднолькавыя Гарадкi. Параўнанне двух пейзажаў, калі толькi пачынаўся праект

Шляхi вялікай гісторыi

Гэта не жарты, вёска Гарадок амаль равесніца Масквы. Яна найстарэйшая ў Маладзечанскім раёне. Звесткі аб ёй знайшлi нават у знакамiтым Iпацьеўскiм летапісе — адным з самых старажытных рускіх дакументальных збораў. Дата паходжання, якая вылучана ў якасцi асноўнай, — 1161 год. А сваю назву вёска атрымала ад рэшткаў старажытнага ўмацаванага паселішча-гарадзішча, якое існуе як помнік і да цяперашняга часу. Усе такiя моманты Аляксей Жахавец ведае вельмi добра.

Напрыканцы ХVIII стагоддзя ў Гарадку працавала цагельня, а ў пачатку ХIХ — суконная мануфактура i маленькi заводзiк па выпрацоўцы медзi. А яшчэ тут існавалі валасная ўправа, дзве праваслаўныя царквы, дзве сінагогі, браварня, 22 крамы, тры карчмы, заезны двор, народная школа, вадзяны млын. Гарадок нават доўгi час трымаў статус не вёскі, а паўнавартаснага горада. Больш за стагоддзе таму ў Гарадку налічвалася 2500 жыхароў. Для параўнання: насельнiцтва Мiнска на той час было крыху менш за 42 тысячы чалавек. У канцы XIX стагоддзя кожны аўторак на мясцовы рынак з’язджаліся гаспадары. Не прайшлі міма населенага пункта і значныя беларускія імёны. Так, Каміла Марцінкевіч, дачка пісьменніка Вiнцэнта Дуніна-Марцінкевіча, адкрыла ў Гарадку школу для дзяцей беднаты.

Асноўнай часткай насельніцтва Гарадка, вядома ж, доўгі час было яўрэйскае. У 1921 годзе ў Гарадку жылi 990 яўрэяў — каля 75 працэнтаў мясцовага насельніцтва. Але падчас нямецкай акупацыі яны былi па-зверску знішчаныя. Аляксею Жахаўцу дзякуючы старым дакументам удалося ўстанавіць месца ліквідацыі і пахавання яўрэйскай абшчыны Гарадка. Па розных звестках, пад каменем там ляжыць ад 500 да 900 чалавек.

Царкву ўзнаўлялі разам.

Хобі ў спадчыну

Вывучаць гісторыю роднага аграгарадка Аляксей пачаў дзякуючы дзядулю. У невялiчкай нататцы, апублікаванай у 1991 годзе на старонках мясцовай «Маладзечанскай газеты», жыхар вёскі Гарадок Канстанцін Уладзіміравіч Жахавец разважаў пра тое, што ва ўсякага горада, вёсачкі, як і ў чалавека, ёсць свой лёс. А чытачы даведаліся пра цікавыя факты з гісторыі Гарадка. Аўтар распавёў пра сумны лёс мясцовай Свята-Троіцкай царквы 1874 года пабудовы. Ад некалі велічнага будынка да канца ХХ стагоддзя засталіся толькі напаўразбураныя сцены, вакол валяліся горы смецця і панавала запусценне.

Бабуля Аляксея Марыя Жахавец насупраць амаль разваленай царквы

Канстанцiна Жахаўца такое становішча спраў не задавальняла. Ён заклікаў усіх жыхароў, прадпрыемствы і арганізацыі раёна не заставацца ўбаку і дапамагчы ўзнавiць царкву. З часам прыхаджане і жыхары Маладзечна сапраўды пачалі збіраць грошы на аднаўленне храма. Фатаграфii, як людзі разам узводзяць новыя сцены, таксама частка архіва Аляксея.

Ушчыльную да гэтай царквы і стаіць па сённяшні дзень дом Жахаўцоў, дзе маленькім хлопчыкам бегаў Аляксей. Як толькі ён навучыўся чытаць, на дзіцячыя вочы трапіла дзедава нататка. I, як ён гаворыць cёння, гэта быў пачатак яго любві да гісторыі.

Дзед таксама захапляўся фатаграфіяй, здымаў і сям’ю, і аднавяскоўцаў. Ён пакінуў Аляксею вялікі фотаархіў. За школьныя гады хлопец сабраў шмат матэрыялаў пра Гарадок, па начах пераварочваў інтэрнэт, каб выведаць хоць маленькі факт, і неўзабаве ў 2014 годзе самастойна стварыў iнтэрнэт-сайт. Увогуле, ён кажа, што хацеў быць археолагам, але мара падлетка не спраўдзілася. Цяпер Аляксей працуе слесарам, а вольны час поўнасцю прысвячае свайму праекту:

— Часам, бывае, усё надакучыць, і я некаторы час адпачываю ад Гарадка. Але хутка мне становіцца шкада марнаваць час, і я зноў акунаюся ў яго гісторыю, ствараю асабісты архіў маёй вёскi.

Жыхары Гарадка святкуюць Дзень Канстытуцыі. Рыначная плошча, 3 мая 1929 г.

Простым хобі гэта не назавеш. Акрамя таго, што апрацоўка інфармацыі, па сутнасці, вельмі марудная праца, дык і пошук фактаў ужо абышоўся хлопцу ў немалыя грошы. Асноўная частка выдаткаў iдзе на закупку абсталявання. Напрыклад, прыйшлося набыць прафесiйны сканер, каб апрацоўваць старыя фотаздымкi i плёнкi. А пераклад дакументальнага фільма, які яму даслалі з Ізраіля яго прыхільнікі, каштаваў больш за 150 рублёў. Але, як кажа Аляксей, усё гэта прыемныя траты.

Невычэрпная крынiца

З цягам часу гiстарычных фактаў з’яўляецца ўсё больш і больш, і яны не перастаюць здзіўляць. Нядаўна быў знойдзены альбом з фатаграфіямі Гарадка перыяду нямецкай акупацыі. Ён знаходзіцца ў прыватнай калекцыі жыхара Японіі Акіры Такігучы. Нядзіўна, што пры такiх абставiнах прачынаецца азарт да знаходак.

Два гады таму Аляксею давялося адшукаць рэдкую кінахроніку 1930-х гадоў. Ён гаворыць, што спачатку гэта былі невялічкія ўрыўкі i асобныя кадры. Але цікаўнасць падштурхнула яго шукаць далей: бо калі ёсць гэтыя выявы, то павінны быць і іншыя. I вось удача! Хлопец знайшоў 40 хвілін гэтай хронікі даволі нядрэннай якасці. Проста выхадзец з Гарадка Давід Шапіра падчас свайго візіту на радзiму амаль 90 гадоў таму зняў фiльм пра роднае мястэчка, як кажуць зараз, дамашняе вiдэа. На бязгучных кадрах — жыхары, тагачасная інфраструктура, будынкі, некаторыя з якіх захаваліся і сёння.

Аляксей атрымлівае шмат станоўчых водгукаў і падзяк. А пра яго сайт ведаюць у многіх краінах. Хлопец ужо наладзіў кантакты з нашчадкамі і выхадцамі з Гарадка з Ізраіля, ЗША, Расіі, Літвы. Цяпер яго галоўная мара — стварыць макет вёскi, грунтуючыся на картах, фота, кiнахронiцы.

— Добра было б зрабіць гэта на камп’ютары, але, на жаль, з праграмамі па 3D-мадэліраванні я пакуль не вельмі сябрую, — прызнаецца ён.

Яўрэйскія могілкі ў Гарадку

Калі Аляксей у пятым класе знайшоў дома ў бабулі двухтомнiк «Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінская вобласць», ён думаў, што ўжо поўнасцю ўсё даведаўся пра Гарадок. Цяпер яму 28 гадоў, а гісторыя перад ім, здаецца, толькі пачынае адкрываць свае старонкi.

— Крыніцы на мой век не хутка скончацца, я далёка не ўсё апрацаваў, да архіваў яшчэ не дабраўся, шмат не знойдзена інфармацыі, якая ёсць на руках, — не маркоціцца Аляксей.

У хлопца таксама ёсць жаданне напісаць кнігу, але пакуль пра некаторыя перыяды інфармацыі ў яго не вельмi шмат, а сыры матэрыял, лiчыць ён, чытаць будзе нецікава.

Вераніка Кручкоўская

Спасылка крыніцы


Комментарии:

Яндекс.Метрика