Гарадок і яго праваслаўныя храмы

Мястэчка Гарадок

Гэта паселішча — магчыма, самае старажытнае на Маладзечаншчыне. Навукоўцы адносяць яго заснаванне да 1161 года, калі землі нашы ўваходзілі ў склад Полацкага княства — вялікай Усходне-Еўрапейскай дзяржавы.

У далёкія гады гэта паселішча было даволі значнае: насельніцтва яго налічвала каля трох тысяч чалавек. Тут была бальніца, аптэка, школа, ветэрынарны і акушэрскі пункты, яўрэйскі народны банк, шмат крам, бібліятэкі, пякарня, кузня, шавецкія і гадзіннікавыя майстэрні. Мясцовыя майстры выраблялі прыгожую кафлю. Быў цагельны завод. Праводзіліся 2 кірмашы на тыдзень. Была тут у цэнтры мястэчка Свята-Троіцкая царква, на могільніку — Свята-Георгіеўская царква, а таксама касцёл і сінагога. Побач з мястэчкам быў узведзены вялізны замак. Як і ўсе абарончыя збудаванні, ён быў абнесены земляным валам, меў таўшчэзныя сцены, глыбокія рвы запоўнены вадой. Падчас войнаў ён вытрымаў усе націскі ворагаў, а ў больш позні час стаў палацам багатых уладароў Гарадка.

Час ішоў, мяняліся ў Гарадку гаспадары. У XVII стагоддзі мястэчка належала Радзівілам, у пачатку XVIII — стольніку смаленскаму Іосіфу Галынскаму, ад якога ўлада перайшла да яго зяця Карпіцкага. У другой палове XIX стагоддзя Гарадок з’яўляецца цэнтрам воласці ў Вілейскім павеце. У гэты час мястэчка – уласнасць графа Тышкевіча. Менавіта стараннямі апошняга збудаваны, цагельны завод. А дзве гарадоцкія суконныя фабрыкі былі вядомыя далёка за межамі мястэчка яшчэ з пачатку XIX стагодзя. Прадукцыя мясцовых прадпрыемстваў патрабавала збыту. На трохдзённы кірмаш штогод з 19 па 21 жніўня з’язджаліся сюды купцы з розных куткоў Маладзечаншчыны і больш далёкія.

З 1862 года працавала народнае вучылішча. Вядома, што ў 1885 годзе ў ім вучылася 56 хлопчыкаў. 21 мая 1865 года мястэчка напаткала бяда: вялікі пажар знішчыў большасць пабудоў і праваслаўную царкву. Аднак паселішча ў хуткім часе аднавілася, і ў 1880 годзе тут было 22 двары і 176 жыхароў, а яшчэ праз 15 год у Гарадку колькасць двароў павялічылася да 190, а жыхароў — да 1544. Па-ранейшаму тут было валасное упраўленне. Дзейнічалі піваварны завод, 3 карчмы, 22 крамы, пастаялы двор, на левым беразе Заходняй Беразіны размяшчаўся і дзейнічаў вадзяны млын. Кожны аўторак адбываўся таржок.

Вадзяны млын

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ў мястэчку мелася: валасное і мяшчанскае упраўленні, 2 праваслаўныя царквы, паштовае аддзяленне, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, аптэка, 25 крамаў, 3 скураныя заводы, 3 заводы па вырабе глінянага посуду, вытворчасць мінеральнай і газіраванай вады, 12 корчмаў, казённая вінная крама.

Быў распаўсюджаны гандаль медыцынскімі п’яўкамі, якіх адпраўлялі нават за мяжу. З 1921 года Гарадок разам з заходнімі раёнамі Беларусі знаходзіўся ў складзе Польшчы, з’яўляўся цэнтрам гміны ў Вілейскім павеце Віленскага ваяводства. У гэты час там быў 201 двор і налічвалася 1420 жыхароў. З 1927 года Гарадок адносіўся да Маладзечанскага павета. З 1939 года ў складзе БССР, цэнтр сельсавета Радашковіцкага раёна Вілейскай вобласці. З верасня 1944 года Гарадок быў у складзе Маладзечанскай вобласці, а пасля яе скасавання ў 1960 годзе – у складзе Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну 33 мясцовыя жыхары загінулі, а 47 прапалі без вестак.

У 1974 годзе да Гарадка сселены жыхары вёсак Даўцавічы, Засценка, Бецейкі і хутар Галейкі.

Па стане на студзень 2002 года ў вёсцы Гарадок — 221 двор і 522 жыхары. Дзейнічаюць механічныя майстэрні, 2 магазіны, Дом культуры, сярэдняя школа, бібліятэка, дзіцячы сад, сталовая, аддзяленне сувязі, участковая бальніца, лясніцтва, ферма, музей, Устаноўлены помнікі: памятны знак на месцы бою камсамольскай роты ў 1919 годзе, помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Свята-Троіцкая царква

Пабудавана яна ў 1874 годзе на месцы драўлянай царквы, узведзенай у 1766 годзе і знішчанай пажарам у 1865-м. У даўнія часы святы храм быў галоўнай пабудовай любога горада або мястэчка і ўзводзіўся так, што вежы яго ўзвышаліся над панарамай паселішча і бачны былі здаля. Так вось і Свята-Троіцкая царква ў Гарадку, велічна ўзняўшыся над мястэчкам, сваімі вежамі ўпрыгожвала яго і прыцягвала да сябе ўвагу. Узведзеная ў другой палове XIX стагоддзя царква ў Гарадку была капітальна адрамантавана ў 1911 годзе на сродкі прыхаджан, унутраная прастора ўпрыгожана жывапісам. З пункту гледжання архітэктуры будынак уяўляе сабой рэтраспектыўна-рускі стыль: цагляны, з бляшаным дахам, са штыкетнай агароджай, падмурак і слупы каменныя.

Свята-Троіцкая царква

У царкоўным прыходзе дзейнічалі дзве царкоўна-прыходскія школы — у вёсцы Дровашы і ў самім Гарадку.

Святы храм Гарадка перажыў цяжкія выпрабаванні войнаў, што прайшлі па маладзечанскай зямлі. Не быў пашкоджаны падчас нашэсця напалеонаўскіх войск. Ніводны снарад не трапіў у будынак храма і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аднак разбурэнне ўсё ж прыйшло.

Пасля таго, як мястэчка было вызвалена ў 1944 годзе, бандыты спалілі Свята-Троіцкі царкву і адначасова касцёл. Далей дзейнічалі бездухоўнасць і абыякавасць. 20 снежня 1962 года были разабраны Свята-Георгіеўская царква на могільніку, а таксама прыпісаныя да Гарадоцкага храма цэрквы ў вёсках Белева, Пажарышча, Дарахі і каплічка ў вёсцы Гердуцішкі.

Адраджэнне і новае жыццё ў святыя храмы прыйшло ў пачатку 90-х гадоў. 31 снежня 1991 года была зарэгістравана прыходская абшчына Святя-Троіцкай царквы вёскі Гарадок. З 1992 па 1995 год праводзіліся аднаўленчыя работы як на сродкі прыхаджан, так і на спонсарскія і дзяржаўныя.

Пра свяшчэннікаў, якія ажыццяўлялі пастырскую дзейнасць у святых храмах Маладзечаншчыны, дае падрабязныя звесткі бакалаўр багаслоўя, свяшчэннік Свята Троіцкай царквы вёскі Гарадок Уладзімір Рэпін, які ў сваёй навуковай працы выкарыстаў вялікую колькасць архіўных дакументаў Літвы і Беларусі, а таксама матэрыялы прэсы. Згодна з Літоўскімі епархіяльнымі ведамасцямі за 1879 год, указвае айцец Уладзімір, 25 ліпеня 1879 года настаяцелем праваслаўнага храма ў Гарадку быў прызначаны наглядчык Літоўскай семінарыі Леў Цімірынскі, а ў 1890 годзе — новы настаяцель, свяшчэннік Канстанцін Зноска. З 5 сакавіка 1907 года настаяцелем быў прызначаны свяшчэннік Павел Зубоўскі (затым — законавучыцель Міністэрскіх і царкоўнапрыходскіх школ). Рэзалюцыяй Яго Прэасвяшчэнства ад 12 верасня 1906 года было нададзена яму архіпастырскае благаславенне за стараннае пастырскае служэнне. Да дня Святой Пасхі 1907 года за выдатнае, шчырае і карыснае пастырскае служэнне Яго Прэасвяшчэнствам архіепіскапам Шкандрам айцец Павел узнагароджаны набедранікам. Указам Літоўскай духоўнай кансісторыі ад 5 красавіка 1911 года ўзнагароджаны скуф’ёй. У яго характарыстыцы сказана: «поведения отлично-хорошего, Слово Божие проповедует усердно».

Праз 10 год, 27 лістапада 1914 года, архіепіскапам Літоўскім і Віленскім Ціханам быў пасвечаны ў чын іерэя ў Свята-Троіцкай царкве Гарадка айцец Павел Баталін. Протаіерэй Павел Баталін нарадзіўся 21 студзеня 1894 года ў вёсцы Рымкі Пастаўскага раёна. Яго бацька быў свяшчэннікам. 3 1904 па 1908 год Павел вучыўся ў Духоўным вучылішчы ў Вільні. Пасля заканчэння вучылішча паступіў у Віленскую Духоўную семінарыю, поўны курс якой закончыў у 1914 годзе. У гэтым жа годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Варшаўскага універсітэта, курс навучання ў якім да канца не прайшоў. Атрымаўшы пасвячэнне ў духоўны сан, айцец Павел быў накіраваны настаяцелем у Свята-Троіцкую царкву вёскі Гарадок і адначасова прызначаны памочнікам Радашковіцкага благачыннага.

Айцец Павел Баталін

У чэрвені 1917 года сходам духавенства і прыхаджан быў выбраны Радашковіцкім благачынным. Пасля выгнання фашыстаў з Радашковіцкага і Маладзечанскага раёнаў Баталін быў членам раённай камісіі па расследаванні зверстваў фашыстаў на нашай зямлі.

Протаіерэй Павел Баталін адпрацаваў у Гарадку 30 год. 30 снежня 1944 года архіепіскапам Мінскім і Беларускім Васіліем быў прызначаны на пасаду настаяцеля царквы ў Радашковічах, дзе выконваў пастырскія і благачынскія абавязкі да канца свайго жыцця.

13 чэрвеня 1945 года настаяцелем Гарадоцкай царквы быў назначаны свяшчэннік Іаан Сцепуржынскі, які нарадзіўся ў мястэчку Гарадок у 1895 годзе ў сям’і псаломшчыка мясцовай царквы. 3 1916 па 1918 год служыў у царскай арміі. Пасля службы быў назначаны псаломшчыкам у Свята-Троіцкую царкву вёскі Гарадок. У 1943 годзе прайшоў пастырска багаслоўскія курсы ў Жыровіцах.

Іаан Сцепуржынскі справа, на службе ў царскай арміі. 1914 год.

У пачатку 50-х гадоў протаіерэй Іаан Сцепуржынскі разам з вернікамі ставілі пытанне перад кіраўнікамі розных узроўняў наконт адраджэння і рэстаўрацыі Свята-Троіцкага храма, разбуранага ў 1944 годзе. Але ўлады адмовілі.

Свята-Георгіеўская царква на могільніку

Пасля таго, як у 1962 годзе была знішчана Свята-Георгіеўская царква на могільніку, протаіерэй Іаан Сцепуржынскі быў звольнены за штат. Да канца сваіх дзён жыў у Гарадку. Пахаваны на мясцовых могілках побач са сваім бацькам Ануфрыем Сцепуржынскім, які праслужыў пры Свята-Троіцкай царкве вёскі Гарадок больш як 50 год у якасці псаломшчыка.

Пасля таго, як у 1991 годзе была адноўлена прыходская абшчына, і пасля аднаўленчых работ у Свята-Троіцкай царкве, 7 ліпеня 1995 года мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам храм быў асвечаны.

З 1993 па 1999 год настаяцелямі працавалі свяшчэннікі Аляксандр Міхейчык, Іаан Ганчарук, Мікалай Уладыка.

З 20 мая 1999 года настаяцелем Свята-Троіцкай царквы ў Гарадку працуе айцец Уладзімір Рэпін. Дбаннем новага пастыра храм адрамантаваны як унутры, так і знадворку.

Нарадзіўся айцец Уладзімір у горадзе Пінску ў 1978 годзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Мінскую Духоўную семінарыю, якую паспяхова закончыў у 2000 годзе. Праз два гады абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень бакалаўра багаслоўя.

Шчырае і дбайнае пастырскае служэнне маладога свяшчэнніка не засталося незаўважаным. Ужо ў 2003 годзе айцец Уладзімір Рэпін узнагароджаны набедранікам. Сёння ён працуе настаяцелем Свята-Троіцкай царквы ў вёсцы Гарадок і па сумяшчальніцтве — настаяцелем храма ў гонар Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ў вёсцы Хажова.

Любоў Карповіч.

P.S. Ганарар па просьбе аўтара пералічваецца на разліковы рахунак прыхода храма Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага вёскі Хажова Маладзечанскага раёна Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы (р/р 3015205040015 у аддзяленні ААТ «Белаграпрамбанк» г. Маладзечна).

Маладзечанская газета. Серада, 27 ліпеня 2005 года, старонка № 5


Комментарии:

Яндекс.Метрика