Выток любові і жыцця пачатак

«Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».

Францыск Скарына

Маладзечаншчына — на дзіва богаты, адораны прыродай, цікавы сваімі помнікамі і працавітымі людзьмі, непаўторны і дарагі нам куточак Беларусі. Прыслухаешся, неаднойчы гаварыў наш слынны зямляк, выдатны краязнаўца, які ў ўдоўж і ўпоперак схадзіў наш край, Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі, і пачуеш цікавы аповяд пра поле з мудрагелістаю назвай, пра камень-валун. У тутэйшых мясцінах абавязкова раскажуць якую бывальшчыну ці добрую выдумку пра вёску з непаўторнай назвай. I ад гэтага надзея з’яуляецца: думаючы аб мінулым, мы бачым нашу будучыню.

Заўсёды хвалююць купалаўскія мясціны ў Вязынцы. Шмат культурных помнікаў ёсць у Радашкавічах, у тым ліку і дом, дзе жыў беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, філолаг, літаратар, акадэмік Беларускай акадэміі навук Браніслаў Тарашкевіч. Спынішся ў Плябані — і зноў-такі застанешся задаволеным. Тут аднаўляецца музей нацыянальна-вызваленчага руху ў 1863 годзе пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, дзе на мясцовых могілках пахаваны яго паплечнікі. Звернеш у Ракуцёўшчыну — і не зможаш не зайсці ў філіял літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Шмат добрага ў імя нашай будучыні, у якую мы глядзім аптымістычна, робяць тыя, хто сёння разумее сваю адказнасць за лёс Бацькаўшчыны, за лёс свайго высакароднага і цярплівага народа. Адзін з такіх энтузіястаў, чалавек апантаны, няўрымслівы і настойлівы Аляксандр Ільіч Мазанік – адказны сакратар Маладзечанскага міжраённага Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Шматлікія імпульсы добрых спраў у гэтым накірунку зыходзяць непасрэдна ад яго. Ужо потым, калі даводзіцца вырашыць няпростыя пытанні, з ім працуюць на канчатковы вынік многія. А складанасці ўдасца пераадолець – наступае ўрачысты момант…

Іменна такой і атрымалася ўрачыстасць, што днямі прайшла ў цудоўным сваімі краявідамі, людзьмі з жыццялюбным і светлым талентам, старажытным Гарадку. Хто-ніхто падумае: маўляў, падзея як падзея. Ды ўсё ж няшмат такіх сёння. А гэта дае падставу радавацца: добра, што мы пачынаем думаць пра свае вытокі і свае карані.

I гэта натуральна, бо, як падкрэслівалі на адкрыцці філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Гарадок» многія выступоўцы, без гістарычнай памяці, без ведання вытокаў свайго быцця, без любові да спадчыны не можа ўзвысіцца асоба, а без такога складу людзей не зможам мы адолець наша бядотнае становішча. Ды й вядома: і ў самыя цяжкія часы сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту белаpycкi народ ствараў бессмяротныя помнікі сваёй самастойнай і самабытнай культуры. Аб гэтым яскрава сведчаць творчасць народных мастакоў, фальклор, літаратурная, гістарычная, мастацкая спадчына, архіўныя дакументы.

Багата ў ваколіцах Гарадка і археалагічных помнікаў-курганоў, і гарадзішчаў: па сведчанні літаратурных крыніц, тут некалі мелася цагельня, суконная мануфактура, заводзік па выплаўцы медзі. А дарогі якіх слынных людзей пралягалі праз Гарадок. Тут бываў В.І.Дунін-Марцінкевіч, а яго дачка Каміла арганізавала школу дзя дзяцей беднаты. Вельмі часта сюды прыязджаў арганізатар беларускага нацыянальнага тэатра Ігнат Буйніцкі. Янка Купала наведваў тут прытулак дзяцей-сірот. Жылі і працавалі тут, марачы аб лепшай долі, самабытныя ткачы, ганчары, гандляры. З гэтымі мясцінамі звязаны імёны выдатнага даследчыка этнаграфіі і археалогіі Маладзечаншчыны Адама Кіркора, Артура Бартэльса — удзельніка паўстання 1863 года, паэта, мастака-графіка, які ўпрыгожыў выдатную манаграфію Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі»…

I адкрываючы тут філіял цудоўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прадстаўнікі Міністэрства культуры і друку, Аб’яднання дзяржаўных літаратурных музеяў, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры не хавалі сваёй радасці і задавальнення: у недалёкай перспектыве ім, а таксама мясцовым уладам мястэчка Гарадок бачыцца культурным і турыстычным звяном у агульным плане стварэння музеяў, турыстычных маршрутаў гэтага запаветнага куточка нашай Беларусі.

Дырэктар Аб’яднання дзяржауных літаратурных музеяў Беларусі Леанід Хадакевіч.

Утой дзень усё выглядала па-святочнаму. Задоўга да адкрыцця музея сабралася шмат народу. Былі маладыя і сталыя. У чаканні стаялі школьнікі. Кранаюча, велічна ігралі «Гарадоцкія музыкі», ствараючы ўсім святочны настрой.

Наступае хвалюючы момант. Да мікрафона падыходзіць дырэктар Аб’яднання дзяржаўных літаратурных музеяў Леанід Тарасавіч Хадкевіч. Зрабіўшы акцэнт на такіх ўласцівых беларўскаму народу якасцях, як прыгажосць і дабрыня, мужнасць і мудрасць, ён зазначыў, што Гарадок – багаты гістарычны нацыянальны помнік; ён стане ўпоравень з добра вядомымі на Маладзечаншчыне і ў Беларусі памятнымі мясцінамі: мемарыяльнымі запаведнікамі «Вязынка» і «Ракуцёўшчына», звязанымі з імёнамі нашых нацыянальных славутасцей Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.

I цяпер кожны, хто сюды наведваецца, зможа сэрцам дакрануцца да падзей, удзельнікамі якіх былі нашы дзяды і прадзеды. А мэта бачыцца такая: аднаўляць культурную спадчыну беларускага народа, бачыць і адчуваць яе нацыянальны стрыжань.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Яфімавіч Луновіч звярнуў увагу ўсіх на самабытнасць тутэйшых беларускіх мясцін, адзначыў тых, хто, не шкадуючы ні сіл, ні часу, ні здароўя, узяўся за высакародную справу, тых, хто дапамагаў бескарыслівым энтузіястам: старшыню сельскага Савета дэпутатаў Мікалая Лявонавіча Жырнеля, старшынь калгасаў «Гарадок» і «За ўладу Саветаў» Аляксандра Якаўлевіча Косарава і Валерыя Мікалаевіча Хмурчыка. Вялікі клопат аб адкрыцці музейнага ансамбля праяўляла намеснік старшыні райсавета Наталля Сяргееўна Гайковіч.

Аркадзь Яфімавіч падкрэсліў, што музейнаму комплексу ў Гарадку наканавана доўгае жыццё, бо гэта патрэбна нашым дзецям. Трэба зберагаць і ўзбагачаць спадчыну.

Аб харастве і светласці ад добрай справы, аб тым, што куточкаў, падобных Гарадку, у Беларусі не так многа — сам Бог некалі паклапаціўся аб цудадзейнасці гэтых мясцін,- гаварыў народны паэт, народны дэпутат Рэспублікі Беларусь Ніл Сымонавіч Гілевіч.

Аб прыгажосці мясцін і людзей, што самае непасрэднае дачыненне мелі да іх, гаварыў народны пісьменнік Беларусі Іван Антонавіч (Янка) Брыль, чыя дачка — Наталля Іванаўна — жонка рана пайшоўшага з жыцця нашага земляка паэта і вучонага з Дамашоў Рыгора Семашкевіча.

Ды хіба адзін ён у той дзень найчасцей успамінаўся? Зусім не: Іван Васільевіч Козел, аўтар п’ес «Папараць-кветка», «На хвалях Серабранкі», «Канчане — суседзі мае», Зэлік Аксельрод, які нарадзіўся ў маладзечанскай яўрэйскай сям’і, вучыўся ў Маскве, а ў 1941 годзе рэпрэсіраваны і расстреляны, рупліўца і знаўца гісторыі роднага краю Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі і іншыя слынныя людзі Маладзечаншчыны.

Зазначыўшы, што гарадоцкая — ужо сёмая экспазіцыя на Беларусі за апошнія два гады, галоўны спецыяліст музеяў Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь Сяргей Іванавіч Маслоўскі завастрыў увагу ўсіх удзельнікаў урачыстасці на такой думцы: без гістарычнага вывучэння мясцін, падобных гарадоцкім, няма гісторыі дзяржавы, няма гісторыі народа.

Выступае галоўны спецыяліст музеяу Мністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь Сяргей Маслоўскі.

Быццам дапаўняючы яго, адказны сакратар Маладзечанскага міжраённага Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Аляксандр Ільіч Мазанік разважаў:

— Нам патрэбна азірнуцца і ўспомніць, адкуль мы і куды імкнёмся. А каб успомніць, трэба ўбачыць і асэнсаваць тыя падзеі, якія вызначылі нашу дарогу і якія цяпер мы называем спадчынай. Гэта не проста спадчына, гэта запавет, пакінуты нам на той выпадак, калі мы саб’ёмся са шляху, а пасля апамятаемся, жадаючы выйсці на дарогу. Ікалі мы прыпыніліся, азірнуліся, апамяталіся і не жадаем больш блукаць — час дакрануцца да гэтага запавету…

Перарэзаць жа чырвоную стужку было дадзена права жонкам вядомых літаратараў Івана Козела і Рыгора Семашкевіча — Станіславе Вітальеўне і Наталлі Іванаўне, пасля чаго загадчыца аддзела Дзяржаўнага музея Зінаіда Лявонаўна Кучар зрабіла экскурсію па чатырох багатых залах філіяла музея: першая прысвечана тым вучоным, этнографам, фалькларыстам, што даследавалі гэты край, — Смолічу, Карскаму, Раманаву, Тышкевичу, Шпілеўскаму. Ёсць кнігі П.М.Шпілеўскага і Я.Ф.Карскага «Падарожжа па Палессі і беларускаму краю», «Беларусы і мова беларускага народа», ёсць Статут Вялікага княства літоўскага, датаваны 1588 годам.

У другой зале ёсць магчымасць любому, хто завітае ў філіял музея, пазнаёміцца з местачковым бытам і рамёствамі розных часоў. Дзве другія залы знаёмяць з творчасцю Янкі Купалы, Зэліка Аксельрода, Івана Козела, Рыгора Семашкевіча. Адлюстраваны таксама прыгожыя мясцовыя краявіды. Тут выкарыстаны і матэрыялы фондаў Дзяржаўных літаратурных музеяў, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, этнаграфічныя рэчы, перададзеныя жыхарамі Гарадка і навакольных вёсак, і матэрыялы іншых крыніц.

Давялося бачыць, як некалькі вясковых жанчын, паслухаўшы Зінаіду Лявонаўну Кучар, заўважылі са здзіўленнем:

— А мы і не ведалі, што наша гісторыя такая багатая.

Потым выступалі майстры мастацтва: Якаў Навуменка і гурт «Бяседа», каго з замілаваннем успрымалі прысутныя — і спявалася аб маці-Беларусі, што спазнала цяжкі лёс, аб Беларусі, што была белай, толькі не плямай белай… З успамінамі пра драматурга Івана Козела выступіў народны артыст рэспублікі Міхаіл Пятроў, які прачытаў урывак з «Папараць-кветкі». Выступілі Надзея Мікуліч і Уладзімір Радзівілаў. Мілымі добрым гасцям быў паднесены пышны каравай, выпечаны вяскоўцамі.

Адкрыццё такога роду культурных устаноў — гэта кожны раз магчымасць не забыць наша мінулае. Тым больш, што ў наш непрадказальна-неспакойны час мы павінны праяўляць больш сталасці і самачыннасці да будавання свайго новага і незалежнага жыцця, вучыць тых, хто з намі і хто будзе пасля нас, што зямля бацькоў — зямля святая.

Прыемна было сустрэцца з мінуўшчынай родных мясцін, прайсціся сцежкамі-дарожкамі Гарадка, пазнаёміцца з жывой гісторыяй, плёнам рук і розуму тых, хто тут некалі жыў, працаваў. Любілі яны гэту святую зямлю аддана і да канца. І нам далі такі запавет.

Аляксандр Хазянін.

Фота Міколы Выдрыцкага.

Маладзечанская газета. 14 снежня 1994 года. Старонкі 3-4


Комментарии:

Яндекс.Метрика